РАДЗІВІ́ЛА БАГУСЛА́ВА БІБЛІЯТЭ́КА ў Слуцку.
Існавала ў 1-й пал. 17 ст. Есць меркаванні, што ў яе ўвайшла частка кнігазбору кн. Алелькавічаў. У 1668 перададзена ў Кёнігсбергскую б-ку Фрыдрыха Вільгельма. Збярогся 2-томны «Каталог кніг... завяшчаных бібліятэцы Радзівілам Багуславам у 1668 годзе» (на лац. мове, Кёнігсберг, 1673). У «Каталогу...» названы 9 рукапісных і 362 друкаваныя кнігі, выдадзеныя ў Вільні, Кіеве, Празе, Базелі, Вітэнбергу, Цюрыху, Парыжы, Рыме, Венецыі, Балонні і інш., у т. л. 15 інкунабул. Аснову кніжнага фонду б-кі склалі выданні 16—17 ст. на лац. (13 кніг), ням. і франц. мовах пераважна свецкага зместу. Амаль палавіна з іх — творы антычных аўтараў, 10 выданняў па мастацтве, кнігі па архітэктуры. Значная частка кніг па геаграфіі і прыродазнаўстве («Касмаграфія» С.Мюнстэра, Базель, 1572, 1598; у ёй прыводзілася апісанне Польшчы і ВКЛ), медыцыне, астраноміі, матэматыцы, багаслоўі (41 кніга), філасофіі (63 кнігі).
В.А.Цыбуля.
т. 13, с. 214
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)